1 лістапада 2025 г. — 40 гадоў з дня адкрыцця Рэчыцкага музея народнай славы (1985), філіяла Столінскага раённага краязнаўчага музея
Рабочы пасёлак Рэчыца Столінскага раёна знаходзіцца за 7 км ад райцэнтра. У 1886 г. — сяло, 31 двор, 332 жыхары, дзейнічала праваслаўная царква. У 1897 г. — 495 жыхароў. З 1960 г. — рабочы пасёлак, цэнтр пасялковага Савета. У 2002 г. 6838 жыхароў, у 2019 г. — 5884. Дзейнічаюць чыгуначная станцыя Гарынь, Гарынскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Гарынскі кансервавы завод, лесазавод і інш.
2025 г. — 30 гадоў з часу заснавання музея гісторыі г. Давыд-Гарадка (Столінскі р-н; 1995), філіяла Столінскага раённага краязнаўчага музея
Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобласці мае багатую і адметную гісторыю. Заснаваны ў 1100 г. валынскім князем Давыдам Ігаравічам, унукам Яраслава Мудрага. Паселішча месцілася на насыпной гары правага берага ракі Гарынь. У ХIV – пачатку ХVІІІ стст. тут існаваў драўляны замак, дасюль захавалася гарадзішча «Замкавая гара». Удзельнае Гарадзецкае княства Трокскага ваяводства ў 1509 г. было далучана да Пінскага княства. З 1551 г. — прыватнаўласніцкі горад князёў Радзівілаў з Магдэбургскім правам.
5 лістапада 2020 г. — 65 гадоў з дня адкрыцця Столінскага раённага краязнаўчага музея (1955)
Столінскі раённы краязнаўчы музей быў заснаваны па рашэнні райвыканкама ад 1 жніўня 1953 г. Ля вытокаў стварэння стаялі першы дырэктар Вера Мацвееўна Очкіна і навуковы супрацоўнік Яўстафій Юльянавіч Высоцкі. Іх рукамі і энтузіязмам амаль на пустым месцы была створана першая экспазіцыя, якая адкрылася 5 лістапада 1955 г. Размяшчалася яна на другім паверсе двухпавярховага будынка па вул. Леніна, 3, меліся дзве экспазiцыйныя залы плошчай 53 кв. м — прыроды і гісторыі.